Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня падпісаў указ нумар 294 "Аб субсідыярнай адказнасці". Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

"Дакумент прыняты ў мэтах далейшага ўдасканалення комплекснай сістэмы стымулявання экспарту і прыняцця дадатковых мер па абароне маёмасных інтарэсаў яе ўдзельнікаў", - адзначылі ў прэс-службе.

Указам уведзена субсідыярная адказнасць Рэспублікі Беларусь (у асобе ўрада) па заключаных БРУПЭІС "Белэксімгарант" дагаворах страхавання (перастрахавання) экспартных рызык з падтрымкай дзяржавы.

У дакуменце таксама вызначаны ўмовы і парадак прыцягнення Рэспублікі Беларусь да субсідыярнай адказнасці па гэтых абавязацельствах.

Навацыі ўказа дадуць магчымасць банкам ва ўмовах зніжэння магчымасці прыцягнення знешніх рэсурсаў забяспечыць далейшую фінансавую падтрымку экспарту рэальнага сектара эканомікі.

БелТА